ДЭТЭРЫЯРАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак пра пагаршэнне складу і стану навакольнага прыроднага асяроддзя; адзін з відаў кадастраў. У Д.к. уваходзяць звесткі пра ўзроўні і крыніцы забруджання вод, глеб і атмасферы, парушаныя землі, іншыя негатыўныя змены, што ўзніклі ў прыродзе (у т. л. пагоршанне навакольнага прыроднага асяроддзя, што адбываецца пад уздзеяннем антрапагенных фактараў — дэтэрыяцыя асяроддзя). Д.к. складаецца па рэгіёнах; матэрыялы, якія змяшчаюцца ў ім, асабліва каштоўныя пры распрацоўцы мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аптымізацыі ўмяшання ў навакольнае асяроддзе, вызначэнні кола неабходных прыродаахоўных мерапрыемстваў і шляхоў паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя. Складанне Д.к. патрабуе навук. вывучэння прыродных аб’ектаў і з’яў.
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)